TR | RU | UK | KK | EN |

Чорнае мора

чорнае моральный, чорнае моравия
Чо́рнае мо́ра — унутранае мора басейна Атлантычнага акіяна. Пралівам Басфор злучаецца з Мармуровым морам, далей, праз праліў Дарданэлы (гэтыя пралівы часам называюць чарнаморскімі пралівамі) — з Эгейскім і Міжземным морамі. Керчанскім пралівам злучаецца з Азоўскім морам. З поўначы ў мора глыбока ўразаецца Крымскі паўвостраў. Па паверхні Чорнага мора праходзіць водная мяжа паміж Еўропай і Малой Азіяй.

Плошча Чорнага мора склаедае 422 000 км² (па іншых даных — 436 400 км²). Абрысы Чорнага мора нагадваюць авал з найбольшай воссю каля 1150 км. Найбольшая працягласць мора з поўначы на поўдзень — 580 км. Найбольшая глыбіня — 2210 м, сярэдняя — 1240 м. Аб'ём вады ў моры складае 555 тыс. км3. Характэрнай асаблівасцю Чорнага мора з'яўляецца поўная (за выключэннем шэрагу анаэробных бактэрый) адсутнасць жыцця на глыбінях звыш 150—200 м з-за насычанасці глыбінных слаёў вады серавадародам.

Мора абмывае берагі Расіі, Украіны, Румыніі, Балгарыі, Турцыі, часткова прызнанай Абхазіі і Грузіі (тэрыторыі, размешчаныя вакол мора, традыцыйна называюць тэрмінам «Прычарнамор'е»).

Чорнае мора — важны раён транспартных перавозак. Апроч гэтага, Чорнае мора захоўвае важнае стратэгічнае і ваеннае значэнне. У Севастопалі і Наварасійску знаходзяцца асноўныя ваенныя базы расійскага Чарнаморскага флоту, у Сінопе і Самсуне базуюцца караблі чарнаморскай групоўкі ВМФ Турцыі, у Варне — ВМС Балгарыі, у Поці і Батумі — ВМС Грузіі (у наш час — карабельны склад дэпартамента берагавой аховы Памежнай паліцыі Грузіі, у Канстанцы і Мангаліі — ВМС Румыніі. Акрамя таго, да сакавіка 2014 года ў Севастопалі і Новаазёрным базаваліся часці Ваенна-марскіх сіл Украіны.

Змест

  • 1 Этымалогія
  • 2 Геаграфія
  • 3 Геалогія
  • 4 Клімат
  • 5 Флора і фаўна
  • 6 Гідралогія і гідрахімія
  • 7 Эканоміка
    • 7.1 Транспартнае значэнне
    • 7.2 Прамысловае рыбалоўства
  • 8 Турызм
  • 9 Зноскі
  • 10 Літаратура
  • 11 Спасылкі

Этымалогія

Старажытнагрэчаская назва мора — Понт Аксінскі (стар.-грэч.: Πόντος Ἄξενος, «Негасціннае мора»), сустракаецца і назва «Скіфскага». У «Геаграфіі» Страбона (7.3.6) выказваецца здагадка, што такую назву мора атрымала з-за цяжкасцей ў навігацыі, а таксама дзікіх варожых плямёнаў, якія насялялі яго берагі. Аднак хутчэй за ўсё грэкі ўспрынялі мясцовую скіфскую назву моры, якая ўяўляла рэфлекс стар.-іран. *axšaina — «цёмна-сіні», «цёмны», што суадносіцца з яго цяперашняй назвай, і пераасэнсавалі яго па сугуччы з грэчаскім словам «негасцінны». Пазней, пасля ўдалага асваення берагоў грэчаскімі каланістамі, мора стала называцца Понтам Эўксінскім (грэч.: Πόντος Εὔξενος, «Гасціннае мора»). Зрэшты, у Страбона (1.2.10) ёсць згадкі пра тое, што ў антычнасці Чорнае мора называлі і проста «морам» (pontos). Пазней, у X—XIV стагоддзя, у старажытнарускіх, арабскіх і заходніх крыніцах яно згадваецца як «Рускае мора», што звязана з яго актыўным выкарыстаннем скандынаўскімі мараплаўцамі — варагамі-руссю. У «Аповесці мінулых гадоў» гаворыцца «А Дънепрь вътечеть в Понтьское море трьми жерелы, еже море словеть Руськое…».

Сучасная назва «Чорнае мора» знайшла сваё адпаведнае адлюстраванне ў большасці моў. Існуе цэлы шэраг гіпотэз адносна прычын узнікнення такой назвы:

  • Адна з гіпотэз звязана з прынятым у шэрагу азіяцкіх краін «каляровым» абазначэннем бакоў свету, дзе «чорны» абазначаў поўнач, адпаведна Чорнае мора — паўночнае мора.
  • Паводле іншай гіпотэзы, назва паходзіць ад таго, што з-за наяўнасці ў вадзе серавадароду на якары, які знаходзіўся на глыбіні больш за 150 метраў, адкладаліся хімічныя элементы чорнага колеру. Маракі, бачачы гэту з'яву, назвалі мора «Чорным».

Геаграфія

Фізічная карта Чорнага мора

Чорнае мора злучана пралівам Басфор з Мармуровым морам. Паўночная частка, аддзеленая Крымскім паўвостравам, мае назву Азоўскае мора, злучанае з Чорным морам Керчанскім пралівам. Плошча паверхні складае 422 000 км² (разам з Азоўскім морам), аб'ём 555 000 км³, сярэдняя глыбіня 1315 метраў, максімальная глыбіня 2258 метраў, даўжыня з захаду на ўсход 1150 км, з поўдня на поўнач 580 км.

Берагі Чорнага мора зрэзаны мала і, галоўным чынам, у паўночнай яго частцы. Адзіны буйны паўвостраў — Крымскі. Найбуйнейшыя залівы: Варненскі, Бургаскі - у Балгарыі, Каламіцкі, Каркініцкі, Днястроўскі, Днепра-Бугскі - ва Украіне, Сінопскі, Самсунскі - у Турцыі. Існуюць утвораныя рэкамі ліманы (сярод іх Хаджыбейскі ліман) .

Шэраг участкаў узбярэжжа моры маюць уласныя назвы: Паўднёвы бераг Крыма ва Украіне, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа у Расіі, Румелійскі бераг і Анаталійскі бераг у Турцыі. Берагі на захадзе і паўночным усходзе нізкія, месцамі абрывістыя; на ўсходзе, поўдні і паўднёвым беразе Крыма — высокія, гарыстыя. Агульная даўжыня берагавой лініі складае 3400 км.

Астравоў мала, самы буйны востраў Джарылгач, яго плошча складае 62 км². Астатнія астравы нашмат меншыя, найбольшыя — Беразань і Змяіны (абодва плошчай меней 1 км²).

Асноўныя рэкі, якія ўпадаюць у Чорнае мора: Дунай, Днестр, Паўднёвы Буг і Дняпро. Да найважнейшых партоў адносяцца: Канстанца (Румынія), Бургас і Варна (Балгарыя), Новарасійск (Расія), Адэса (Украіна), Поці (Грузія), Трабзон і Самсун (Турцыя). Гадавы рачны сцёк у Чорнае мора складае каля 310 км³, прычым 80 % гэтых вод выносіцца на паўночна-заходнюю шэльфавую частку, галоўным чынам Дунаем і Дняпром.

Геалогія

Меркаваныя абрысы возера, якое існавала на месцы Чорнага мора

Чорнае мора запаўняе ізаляваную ўпадзіну, размешчаную паміж Паўднёва-Усходняй Еўропай і паўвостравам Малая Азія. Гэта ўпадзіна ўтварылася ў эпоху міяцэну, падчас актыўнага гораўтварэння, якое падзяліла старажытны акіян Тэціс на некалькі асобных вадаёмаў (з якіх пазней, акрамя Чорнага мора, утварыліся Азоўскае, Аральскае і Каспійскае моры). Першапачаткова, 14-5 млн. гадоў назад Чорнае мора ўваходзіла ў склад Сармацкага мора (ад Балатана да Арала). Затым яно зноў злучылася з Міжземным морам, утварыўшы на некалькі мільёнаў гадоў Меатычнае мора. Затым утворыцца прэснаводнае Пантычнае мора (уключалае Каспій), якое змяняе салёнае Карангацкае мора (100-20 тыс. гадоў назад) і, затым, ізноў прэснаводнае Новаэўксінскае мора (20-7 тыс. гадоў назад).

Паводле адной з гіпотэз узнікнення Чорнага мора (гл. Тэорыя чарнаморскага патопу) 7500 гадоў назад яно ўяўляла сабой самае глыбокае на Зямлі прэснаводнае возера, узровень быў ніжэйшы зы сучасны на сто з лішнім метраў. Пасля заканчэнні ледавіковага перыяду ўзровень Сусветнага акіяна падняўся, і Басфорскі перашыек быў прарваны. Было затоплена агулам каля 100 тыс. км² найурадлівых земляў, якія ўжо апрацоўваліся людзьмі. Затапленне гэтых тэрыторый, магчыма, стала правобразам міфа пра сусветны патоп. Цікава, што аналагічную версію паходжання мора выказваў яшчэ Пліній Старэйшы. Узнікненне Чорнага мора, паводле гэтай гіпотэзы, меркавана, суправаджалася масавай гібеллю ўсяго прэснаводнага жывога свету возера, у выніку раскладання рэштак якога адбылося серавадароднае заражэнне глыбінных тоўшчаў мора.

Чарнаморская ўпадзіна складаецца з дзвюх частак — заходняй і ўсходняй, падзеленых узняццем, якое з'яўляецца натуральным працягам Крымскага паўвострава. Паўночна-заходняя частка моры характарызуецца адносна шырокай шэльфавай паласой (да 190 км). Паўднёвае ўзбярэжжа (якое належыць Турцыі) і ўсходняе (Грузія) носіць больш стромкі характар, паласа шэльфа не перавышае 20 км і зрэзана цэлым шэрагам каньёнаў і ўпадзін. Мацерыковы схіл Чорнага мора прыкметна расчлянёны падводнымі далінамі. На поўдні мора, паміж Сінопам і Самсунам паралельна берагу ляжыць сістэма падводных хрыбтоў. Цэнтральная частка чарнаморскай катлавіны ўяўляе сабой адносна плоскую раўніну. Глыбіні каля берагоў Крыма і Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа павялічваюцца вельмі хутка, дасягаючы адзнак звыш 500 м ужо ў некалькіх кіламетрах ад берагавой рысы. Максімальнай глыбіні (2210 м) мора дасягае ў цэнтральнай частцы, на поўдзень ад Ялты.

Сярод горных парод, якія складаюць дно мора, у прыбярэжнай зоне пераважаюць грубаабломкавыя адклады: галька, жвір, пясок. З аддаленнем ад берага іх змяняюць дробназярністыя пяскі і алеўрыты. У паўночна-заходняй частцы Чорнага мора шырока распаўсюджаны ракушачнікі; для схілу і ложа марской упадзіны звычайныя пелітавыя глеі.

Сярод асноўных карысных выкапняў, заляжы якіх маюцца на дне мора: нафта і прыродны газ на паўночна-заходнім шэльфе, прыбярэжныя россыпы тытанамагнетытавых пяскоў (Таманскі паўвостраў, узбярэжжа Каўказа).

Запасы метану, які знаходзіцца ў форме газавых гідратаў у глыбакаводных асадках Чорнага мора, упершыню выяўленых супрацоўнікамі УНДІГАЗа ў 1972 годзе (рэйс НДС «Маскоўскі ўніверсітэт») паводле сучасных ацэнак могуць дасягаць 25-49 трлн кубаметраў газу.

Клімат

Тэмпература вады 24—26 °C, каля берагоў да 29 °C, зімой — ад 0,5 °C на паўночным захадзе (залівы замярзаюць) да 9—11 °C на паўднёвым усходзе. Клімат кантынентальны. Марскія цячэнні двух відаў: першыя выкліканыя абменам вады з Мармуровым морам, другія ўтвараюцца цыкланарным укладам вятроў.

Флора і фаўна

Раслінны свет моры складаецца з 270 відаў шматклетачных зялёных, бурых, чырвоных донных водарасцей (цыстазіра, філафора, застэра, кладафора, ульва, энтэраморфа і інш.). У складзе фітапланктона Чорнага мора — прынамсі шэсцьсот відаў. Сярод іх жгуціканосцы, у тым ліку дынафлагеляты або перыдыніевыя водарасці, розныя дыятомавыя водарасці, кокалітафарыды і інш.

Камбала-глоса Дэльфін-афаліна

Фаўна Чорнага мора прыкметна бяднейшая, за фаўну Міжземнага, у прыватнасці, тут няма марскіх зорак, марскіх вожыкаў, марскіх лілей, васьміногаў, каракаціц, кальмараў, каралаў. У Чорным моры жыве 2500 відаў жывёл (з іх 500 відаў аднаклетачных, 160 відаў пазваночных — рыб і сысуноў, 500 відаў ракападобных, 200 відаў малюскаў, астатняе — беспазваночныя розных відаў), для параўнання, у Міжземным — каля 9000 відаў. Сярод асноўных прычын адноснай беднаты жывёльнага свету моры:

  • нізкая салёнасць вады;
  • пастаянная прысутнасць серавадароду на глыбінях звыш 200 м.

У сувязі з гэтым Чорнае мора падыходзіць для пасялення галоўным чынам мелкаводных і прыбярэжных відаў жывёл.

На дне Чорнага мора жывуць мідыі, вустрыцы, грабеньчык Flexopecten ponticus, а таксама малюск-драпежнік рапана, занесены караблямі з Далёкага Усходу. У расколінах прыбярэжных скал і сярод камянёў жывуць шматлікія крабы, маюцца крэветкі, сустракаюцца розныя віды медуз (найбольш распаўсюджаны карнярот і аўрэлія), актыніі, губкі.

Сярод рыб, якія водзяцца ў Чорным моры: розныя віды бычкоў, азоўская хамса, чарнаморская хамса (анчоўс), акула-катран, камбала-глоса, камбала-калкан, кефаль пяці відаў, луфар, мерлуза (хек), марскі ёрш, барабуля (звычайная чарнаморская султанка), пікша, скумбрыя, стаўрыда, чарнаморска-азоўская селядзец, чарнаморска-азоўская цюлька, сарган, марскі канёк і інш. Сустракаюцца асятровыя (бялуга, сяўруга, чарнаморска-азоўскі (рускі) і атлантычны асетры) і чарнаморскі ласось.

Сярод небяспечных рыб Чорнага мора — марскі дракончык (найбольш небяспечная — атрутныя калючкі спіннога плаўніка і жабраў), чарнаморская і заўважная скарпены, скат (марскі кот) з атрутнымі шыпамі на хвасце.

З птушак распаўсюджаны чайкі, буравеснікі, качкі-ныркі, бакланы і шэраг іншых відаў. Сысуны прадстаўлены ў Чорным моры двума відамі дэльфінаў (дэльфінам-белабочкай і афалінай), азова-чарнаморскай звычайнай марской свіннёй (нярэдка званай азоўскім дэльфінам), а таксама белапузым цюленем.

Некаторыя віды жывёл, які не жывуць у Чорным моры, часам заносяцца ў яго праз пралівы Басфор і Дарданэлы цячэннем або прыплываюць самастойна.

Гідралогія і гідрахімія

Прылівы 0,1—0,2 м, згонна-нагонныя ваганні ўзроўню вады ля берагоў да 1,5 м. Салёнасць на паверхні складае 18,3 ‰, на дне дасягае 22,5 ‰. Розніцу салёнасці на паверхні і ў глыбіні падтрымлівае абмен вадой з морам Міжземным. З-за розніцы салёнасці, адсутнасці абмену вады з глыбіні і паверхні вядзе да знікнення кіслароду і ўзнікнення серавадароду. Гэта з'яўляецца прычынай адсутнасці арганічнага жыцця ў глыбіні.

Эканоміка

Транспартнае значэнне

У наш час Чорнае мора не адыгрывае вялікай ролі ў камунікацыях, але ў старажытнасці тут ішлі вялікія купецкія шляхі (нават з Балтыйскага мора, які меў назву «З варагаў у грэкі» і праходзіў праз тэрыторыю Беларусі). Знайшло гэта адлюстраванне ў міфах і легендах, з якіх найбольш вядомыя «Вандроўка за залатым руном» і міф пра амазонак, якія павінны былі жыць у гэтых мясцінах.

Тым не менш Чорнага мора ўсё яшчэ адыгрывае вяліка транспартнае значэнне ў эканоміцы дзяржаў, якія абмываюцца гэтым вадаёмам. Істотны аб'ём марскіх перавозак складаюць рэйсы танкераў, якія забяспечваюць экспарт нафты і нафтапрадуктаў з портаў Расіі (у першую чаргу з Наварасійска і Туапсэ) і портаў Грузіі (Батумі). У чарнаморскім басейне шырока развіты кантэйнерныя перавозкі, існуюць буйныя кантэйнерныя тэрміналы. Развіваюцца перавозкі з дапамогай ліхтараў; працуюць чыгуначныя паромныя пераправы Іллічыўск (Украіна) — Варна (Балгарыя) і Іллічыўск (Украіна) — Батумі (Грузія). Развіты ў Чорным моры і марскія пасажырскія перавозкі (зрэшты, пасля распаду СССР іх аб'ём істотна паменшыўся).

Праз Чорнае мора праходзіць міжнародны транспартны калідор TRACECA (Transport Corridor Europe — Caucasus — Asia, Еўропа — Каўказ — Азія). Чарнаморскія порты з'яўляюцца канцавымі пунктамі шэрагу Пан'еўрапейскіх транспартных калідораў.

Па рацэ Дон, якая ўпадае ў Азоўскае мора, праходзіць рачны водны шлях, які злучае Чорнае мора з Каспійскім морам (праз Волга-Данскі суднаходны канал і Волгу), з Балтыйскім морам і Белым морам (праз Волга-Балтыйскі водны шлях і Беламорска-балтыйскі канал). Рака Дунай праз сістэму каналаў злучана з Паўночным морам.

Прамысловае рыбалоўства

Рыба на адэскім рынку

У Чорным моры жыве каля 185 відаў рыб, але рыбалоўства слаба развіта, гадавая лоўля рыб складае 100 000 тон рыбы, у асноўным: анчоусы і скумбрыі.

Турызм

У наш час на берагах Чорнага мора вельмі развіты турыстычны бізнес. На берагах Румыніі, Балгарыі і Крыма (Украіна), знаходзяцца курорты міжнароднага значэння.

Зноскі

  1. ↑ 1,0 1,1 Слоўнік сучасных геаграфічных назваў
  2. ↑ Black Sea Geography. University of Delaware College of Marine Studies (2003). Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 2 декабря 2006.
  3. ↑ 3,0 3,1 Ежегодник состояния морей России по гидрохимическим показателям. 2008 год. Чёрное море. // oceanography.ru. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012. Праверана 29 лютага 2012.
  4. Узброеныя сілы Грузіі
  5. ↑ Виноградов, 1958, с. 5
  6. ↑ Black sea — артыкул з Encyclopædia Iranica. Rüdiger Schmitt
  7. ↑ Бухарин М. Д. Возникновение понятие «Черное море» в средневековых географических традициях // Monumentum Gregorianum. Сборник научных статей памяти академика Г. М. Бонгард-Левина. М., 2013. С. 479.
  8. ↑ 8,0 8,1 8,2 Геаграфія, гісторыя, уласцівасці экасістэмы Чорнага мора // blacksea-education.ru  (Праверана 18 жніўня 2010)
  9. ↑ 9,0 9,1 9,2 9,3 9,4 9,5 Чорнае мора — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі (3-е выданне)
  10. ↑ Прыродазнаўчая гісторыя Чорнага мора
  11. ↑ Рассказ первый. Чем необычно Черное море
  12. ↑ В. Михайлов. Где же ты, Ковчег?. // Парламентская газета, 18 июля 2003. Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2012. Праверана 25 ліпеня 2012.
  13. ↑ Виноградов, 1958, с. 10
  14. ↑ Найдено доказательство потопа - не Всемирного, но «регионального». // old.computerra.ru. Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2012. Праверана 25 ліпеня 2012.
  15. ↑ 15,0 15,1 Уласцівасці вод Чорнага мора // blacksea-education.ru  (Праверана 18 жніўня 2010)
  16. Румынія і чарнаморскі газ. // trubagaz.ru. Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2012. Праверана 6 сакавіка 2012.
  17. ↑ Навукова-даследчае судна «Маскоўскі ўніверсітэт»
  18. ↑ Перлова Е. В. Коммерчески значимые нетрадиционные источники газа — мировой опыт освоения и перспективы для России
  19. ↑ Чорнае мора ::: Фітапланктон // blacksea-education.ru  (Праверана 18 жніўня 2010)
  20. ↑ Александр Вершинин Моллюски Черного моря и их ракушки. Живое Черное Море. blacksea-education.ru. Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2012. Праверана 25 кастрычніка 2012.
  21. ↑ Небяспечныя жывёлы Чорнага мора. // blacksea-education.ru. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2012. Праверана 15 чэрвеня 2012.
  22. ↑ Краіны. TRACECA ORG. // traceca-org.org. Архівавана з першакрыніцы 27 чэрвеня 2012. Праверана 25 чэрвеня 2012.

Літаратура

  • Виноградов К. А. Очерки по истории отечественных гидробиологических исследований на Черном море — Киев: Изд-во АН УССР, 1958.
  • Агбунов М. В. Античная лоция Чёрного моря. — М.:Наука, 1987. — 156 с.
  • Сорокин Ю. И. Чёрное море: Природа, ресурсы. — М.:Наука, 1982. — 217 с.
  • Филиппов Д. М. Циркуляция и структура вод Чёрного моря. — М.: Наука, 1968. — 136 с.
  • Кузьминская Г. Г. Чёрное море. — Краснодар: Кн. изд-во, 1972. — 92 с.
  • Степанов В., Андреев В. Чёрное море. — Л.: Гидрометеоиздат, 1981. — 160 с.
  • Зайцев Ю. П., Поликарпов Г. Г. Экологические процессы в критических зонах Чёрного моря (синтез результатов двух направлений исследований с середины XX до начала XXI веков) // Мор. екол. журн. — 2002. — 1, N 1. — С. 33-55.
  • Иванов М. В., Вайнштейн М. В., Гальченко М. Ф. и др. Распределение и геохимическая активность бактерий в осадках // Изучение генезиса нефти и газа в Болгарском секторе Чёрного моря. София, 1984. С. 150—181.
  • Биркун А. А. мл., Кривохижин С. В. Звери Чёрного Моря. — Симферополь: Таврия, 1996. — 96 с. ISBN 5-7780-0773-6
  • Как «Александр Ковалевский» Бориса Савинкова спасал. «Природа», № 7, 2001. (руск.) 

Спасылкі

  • На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Чорнае мора
  • Petko Dimitrov, Dimitar Dimitrov. THE BLACK SEA, THE FLOOD AND THE ANCIENT MYTHS. - Varna, 2004.

чорнае моравия, чорнае мораль, чорнае моральный, чорнае мораторий


Чорнае мора Інфармацыю Аб

Чорнае мора


  • user icon

    Чорнае мора beatiful post thanks!

    29.10.2014


Чорнае мора
Чорнае мора
Чорнае мора Вы праглядаеце суб'ект
Чорнае мора што, Чорнае мора хто, Чорнае мора апісанне

There are excerpts from wikipedia on this article and video

Выпадковыя Артыкула

Філадэльфія Іглз

Філадэльфія Іглз

Філадэльфія Іглз (англ.: Philadelphia Eagles) — прафесійная каманда па амерыканскім футболе з а...
Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» — створаны 31 снежня 1986 г. ў г.Заслаўе па...
Гміна Чарэмха

Гміна Чарэмха

 Польшча Статус вясковая гміна Уваходзіць у Гайнаўскі павет Адміністрацыйны цэн...
IC 713

IC 713

NF : у працэсе пацверджання Прамое ўзыходжанне 11 гадз 34 мін 44,8 сек Схіленне +16° 50...