TR | RU | UK | KK | EN |

Войшалк


Войшалк (ст.-рус.: Воишелкъ, літ.: Vaišelga, Vaišvilkas; 1223 — 18 або 23 красавіка 1267) — князь навагрудскі (1240-я — каля 1255 і каля 1258—1264), вялікі князь літоўскі (1264—1267). Сын Міндоўга, вялікага князя літоўскага, караля літоўскага. Пашырыў тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага за кошт уключэння усходнебалцкіх зямель Нальшчаны і Дзяволтва. Заснаваў Лаўрышаўскі манастыр.

Змест

  • 1 Паходжанне і сям'я
  • 2 Імя
  • 3 Біяграфія
    • 3.1 Першыя звесткі
    • 3.2 Пачатак княжэння. Прыняцце манаскага чыну
    • 3.3 У манастве
    • 3.4 Вяртанне да княжацкага жыцця
    • 3.5 На пасадзе вялікага князя
    • 3.6 Вяртанне ў манаства і гібель
  • 4 Крыніцы
    • 4.1 Галіцка-Валынскі летапіс
    • 4.2 Войшалк і «Аповесць пра Варлама і Іасафа»
  • 5 У літаратуры і мастацтве
  • 6 Ушанаванне
  • 7 Заўвагі
  • 8 Зноскі
  • 9 Літаратура
  • 10 Спасылкі

Паходжанне і сям'я

Паводле хранікальных звестак, Войшалк быў старэйшым з сыноў Міндоўга. Паведамленняў аб маці Войшалка ў крыніцах няма. У Войшалка была сястра, імя якой невядома — жонка Шварна Данілавіча, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270 гадах. Браты Войшалка — Рукля і Рупейка — былі значна маладзейшыя за яго (абодва яны былі забітыя разам з Міндоўгам у выніку змовы). Зыходзячы з гэтай розніцы ва ўзросце, можна меркаваць, што маці Войшалка і яго сястры была не вялікая княгіня літоўская Марта (маці Руклі і Рупейкі), а ранейшая жонка Міндоўга, звесткі пра якую не захаваліся.

У дакуменце ад 1254 года ў Міндоўга і Марты згадваюцца сыны Герстухен і Рэплеў. Невядома, ці пад гэтымі імёнамі маюцца на ўвазе Рукля і Рупейка, ці гэта былі чатыры розныя сыны.

Расійскі гісторык XVIII ст. В. М. Тацішчаў паведамляў без спасылкі на крыніцу, што маці Войшалка была цвярской княжной. Аднак цяпер звесткі Тацішчава, якія не падцвярджаюцца крыніцамі, лічацца сумнеўнымі.

Імя

Некаторыя літоўскія даследчыкі, у прыватнасці, Д. Сінкявічутэ, звязваюць корань -вайш (-vaiš) у імёнах з літ.: vaišės, vaišinti, viesis — пачастунак, пачаставаць, госць. У крыніцах князь называецца таксама як Вышелк, Вышелег, Вошелег, Войселк, Волштыник, Волстыник.

Хроснае імя Войшалка дакладна невядома. В. М. Тацішчаў адзначыў без спасылкі на крыніцу, што хроснае імя Войшалка было Васіль. Версія Тацішчава сумнеўная, бо верагоднае інацкае імя князя — Лаўрыш (Лаўрын, Лаўрэнцій) пачынаецца з Л, а паводле тагачаснай традыцыі інацкае імя бралася з той жа літары, што і хроснае.

Біяграфія

Першыя звесткі

Год нараджэння Войшалка ў летапісах не згадваецца. 1223 год як час яго нараджэння пададзены ў храналагічнай табліцы беларускага гісторыка XIX ст. Т. Нарбута, якая складзена, па яго словах, на падставе фрагментаў рукапісу віленскага гісторыка Літвы XVI ст. А. Ротунда.

Асноўныя звесткі пра жыццё Войшалка змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе (ГВЛ), які напісаны ў сярэдзіне і дапоўнены ў канцы XIII ст. невядомымі аўтарамі. ГВЛ захаваўся ў некалькіх спісах, у т. л. у складзе Іпацьеўскага летапісу (XV ст.). Даты ў Іпацьеўскім спісе ГВЛ былі ўнесены пазней, таму даціроўка падзей там недакладная.

Пад 1253 г. у ГВЛ згадваецца не названы па імю сын Міндоўга, якога Міндоўг паслаў ваяваць ваколіцы г. Турыйска ў Галіцка-Валынскім княстве — у адказ на рабаванне галіцка-валынскімі войскамі зямель Міндоўга. Паколькі пра іншых дарослых сыноў Міндоўга звестак няма, гісторыкі мяркуюць, што гэтым сынам быў Войшалк. Гэта адбывалася падчас вайны 1249—1254 гадоў паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі — Таўцівілам Даўспрункавічам і Эдзівідам Даўспрункавічам, якіх падтрымліваў галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч.

Пачатак княжэння. Прыняцце манаскага чыну

Першы раз Войшалк згаданы ў летапісу пад сваім імём у артыкуле 1255 года. Летапіс паведамляе, што ў гэтым годзе Войшалк заключыў мір з Данілам Раманавічам, выдаў сваю сястру замуж за малодшага сына Данілы Раманавіча — Шварна Данілавіча, а сам прыбыў да Данілы Раманавіча ў г. Холм (сталіцу Галіцка-Валынскага княства), пакінуў свае княжэнне і прыняў манаскі чын. Сыну Данілы Раманавіча — Раману Данілавічу — Войшалк перадаў «Навагародак ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск».

Іншы летапісец (летапіс складаўся двума рознымі аўтарамі і ў розныя гады) піша, што Войшалк прыбыў не ў Холм, а ў ранейшую сталіцу Галіцка-Валынскага княства — г. Галіч, маючы намер прыняць манаскі чын, і тады ж ахрысціў Юрыя Львовіча (сына князя белзскага Льва Данілавіча, унука Данілы Раманавіча і будучага князя галіцка-валынскага). А пасля пайшоў у Паланінскі манастыр да ігумена Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі.

Гарадзішча сярэдневяковага Навагародка. Навагрудак, Гродзенская вобласць.

Гэты ж летапісец адзначыў, што Войшалк пачынаў княжыць у Навагародку, з'яўляючыся язычнікам, і рабіў чалавечыя ахвяры. Затым ён ахрысціўся ў Навагародку і пачаў жыць у хрысціянстве. Украінскі гісторык П. П. Талочка лічыць, што характарыстыка Войшалка-язычніка далёкая ад рэальнай: такога першабытнага дзікунства, асабліва ў землях Русі, не магло быць, і летапісцу гэта спатрэбілася для таго, каб больш выразна паказаць ператварэнне язычніка ў хрысціяніна. Такі прыём — супрацьпастаўленне язычніцкай цемры і хрысціянскага святла — здаўна ўжываўся ў летапісанні, і, верагодна, летапісец запазычыў яго з больш ранняга кіеўскага летапісу.

Зыходзячы з гэтых летапісных паведамленняў, можна меркаваць, што ў Навагародку Войшалк княжыў (быў намеснікам Міндоўга) з 1240-х гадоў.

У манастве

Пасля трох гадоў жыцця ў Паланінскім манастыры Войшалк адправіўся ў паломніцтва да гары Афон у Грэцыю, але не змог дайсці з-за мяцежа ў тых землях, вернуўся ў Панямонне і заснаваў там манастыр:

«Воишелкъ же не може доити до Ст҃ѣи Горѣ . зане мѧтежь быс̑ великъ тогда в тъıхъ землѧх̑ . и приде ѡпѧть в Новъгородокъ . и оучини собѣ манастырь . на рѣцѣ на Немнѣ . межи Литвою и Новъıмъгородъкомъ . и тоу живѧше.» (Рус., 1420-я гг.)

«Войшалк не змог дайсці да Святой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях, і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў».

— Іпацьеўскі летапіс.

Урочышча у в. Лаўрышава, дзе першапачаткова размяшчаўся манастыр. Свята-Успенская царква XVIII ст.

Манастыр «на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам» суадносіцца з Лаўрышаўскім, вёска, якая ўтварылася ля манастыра, называецца Лаўрышава (магчыма, паводле інацкага імя Войшалка — Лаўрыш альбо Лаўрын, Лаўрэнцій). Войшалк пражыў у гэтым манастыры прыкладна год. У летапісу адзначана, што Міндоўг дакараў яго за манаскае жыццё.

Вяртанне да княжацкага жыцця

Паводле летапісных звестак, каля 1257—1258 г. на Літоўскую зямлю і Нальшаны напалі войскі мангола-татарскага ваеначальніка Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Войшалк выйшаў з манастыра, і разам са стрыечным братам Таўцівілам (які да гэтага часу памірыўся з Міндоўгам) захапіў Рамана Данілавіча (галіцка-валынскага князя, які кіраваў у Навагародку). Пасля гэтага Раман у летапісу не згадваецца — магчыма, ён загінуў, а Войшалк зноў сеў на навагародскім стальцы.

Пінскі Ляшчынскі манастыр. Літаграфія 1875 г. па малюнку з натуры Н. Орды 1868 г. Успенская царква 1746 г.

У 1263 годзе у выніку змовы быў забіты Міндоўг і 2 яго малодшыя сыны, а затым і яго пляменнік Таўцівіл. Пасаду вялікага князя літоўскага заняў іншы пляменнік Міндоўга і адзін са змоўшчыкаў — Транята. Войшалк уцёк у Пінск.

Пра месца жыхарства Войшалка ў Пінскім княстве летапіс не паведамляе; традыцыйна лічыцца, што ён жыў у Ляшчынскім Свята-Успенскім манастыры, які існаваў у прадмесці Пінска — Лешчы (зараз парк у Пінску). На літаграфіі 1875 г. з выявай манастыра надрукаваны подпіс: «Стары манастыр, у якім хаваўся Войшалк, сын Міндоўга, вялікага князя літоўскага, пераследуемы стрыем Транятам» (польск.)  (фр.) .

На пасадзе вялікага князя

У 1264 годзе Транята быў забіты ранейшымі конюхамі Міндоўга; Войшалк з пінскім войскам вярнуўся ў Навагародак і злучыўся з дружынамі навагародскіх баяр. Затым ён пайшоў усталёўваць сваю ўладу ў Літве, і «нача княжити во всей земли Литовской» — стаў вялікім князем літоўскім. Паводле летапісу, у Літоўскай зямлі ён вынішчыў шмат сваіх ворагаў, а астатнія «разбегліся хто куды».

Прызнаў уладу Васількі Раманавіча, княжыў разам са Шварнам Данілавічам. З дапамогаю Васількі і Шварна заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву.

Вяртанне ў манаства і гібель

Паводле летапісу, у 1267 годзе Войшалк вырашыў поўнасцю перадаць вялікае княжэнне літоўскае Шварну Данілавічу. Шварн адгаворваў яго ад такога рашэння. Аднак Войшалк адказаў, што заставацца князем яму не дазваляюць грахі, і што зямлю ён пакідае ўпарадкаванай. Войшалк пайшоў у манастыр у г. Уграўск на Валыні, Шварн застаўся княжыць у Вялікім княстве Літоўскім.

У красавіку 1267 года Леў Данілавіч, ужо князь галіцкі, запрасіў на сустрэчу князя валынскага Васільку Раманавіча і праз яго — свайго кума Войшалка. Войшалк не давяраў Льву і не хацеў ехаць, але паехаў на заруку Васілька. Прыехаўшы ў г. Уладзімір-Валынскі, Войшалк спыніўся ў манастыры св. Міхаіла Вялікага. 18 (ці 23) красавіка Васільку, Льва і Войшалка паклікаў на абед немец Маркольт. Затым Васілька паехаў дадому спаць, а Войшалк вернуўся ў манастыр. Аднак Леў прыехаў за нім і ўгаварыў яго працягнуць пір, падчас якога забіў Войшалка. Летапісец адзначае, што Леў зрабіў гэта па д'ябальскаму падбухторванню, з-за зайздрасці ад таго, што Войшалк перадаў княжэнне ў літоўскай дзяржаве не яму, а яго брату Шварну.

Войшалк быў пахаваны ў царкве св. Міхаіла Вялікага.

Крыніцы

Галіцка-Валынскі летапіс

Найбольш раннія і шырокія звесткі пра Войшалка захаваліся ў складзе Галіцка-Валынскага летапісу (ГВЛ), менавіта яны былі крыніцай шматлікіх перапрацовак — ужо ў XIV ст. іх агіяграфічныя версіі сталі распаўсюджвацца ў Вялікім Ноўгарадзе і Пскова, а ў XVI ст. сюжэт увайшоў у склад легендарнай часткі беларуска-літоўскіх летапісаў. Пратографам усіх паўночнарускіх і маскоўскіх аповедаў XV—XVI ст. пра Войшалка быў Наўгародскі Першы летапіс (НПЛ). Стрыйкоўскі быў знаёмы са звесткамі ГВЛ праз беларуска-літоўскі летапіс блізкі да Хронікі Быхаўца. Такім чынам, вывучэнне сведчанняў менавіта ГВЛ мае найважнейшае значэнне.

Войшалк і «Аповесць пра Варлама і Іасафа»

«Аповесць пра Варлама і Іасафа»(руск.) бел. перакладзена з грэчаскай на рускую не пазней сярэдзіны XII ст. і была вельмі папулярнай на Русі. Аповесць расказвае пра індыйскага царэвіча Іасафа, які прымае хрышчэнне ад свайго настаўніка, пустэльніка Варлама, а бацька — цар Авенір, разгневаны і спрабуе рознымі спосабамі адхіліць сына ад хрысціянства, аднак, хутка змірыўся з гэтым і даў сыну палову царства, а затым і сам ахрысціўся. Цар Авенір памірае неўзабаве па хрышчэнні, пасля смерці бацькі царэвіч Іасаф, нягледзячы на ўгаворы, перадае ўладу вяльможы-хрысціяніну Варахіі, а сам ідзе ў пустыню да свайго настаўніка Варлама, дзе і застаецца да смерці. Сувязь Аповесці і апавяданняў крыніц пра Войшалка ўпершыню паказала М. Смаронг-Ружыцкая(польск.) бел. ў сваім даследаванні мініяцюр Лаўрышаўскага Евангелля. Пры параўнанні сюжэтных ліній крыніц і Аповесці заўважна іх значнае падабенства, Войшалк паўтарае ролю Іасафа, Міндоўг — Авеніра, Рыгор Палонінскі — Варлама, а Шварн — Варахіі.

Такім чынам, рэдакцыя B апавядання пра Войшалка ў ГВЛ мае агіяграфічны характар, а сюжэт яе складаўся пад уплывам Аповесці пра Варлама і Іасафа. Незалежна ад рэдакцыі B, ужо ў XIV ст. у Паўночнай Русі з'явіліся і распаўсюдзіліся агіяграфічныя версіі рэдакцыі A апавядання пра Войшалка ў ГВЛ. Сама рэдакцыя A таксама мае пэўныя сляды рэдактуры, бо паводле яе Войшалк заключыў мір з Даніілам і выдаў замуж за яго сына сваю сястру, аднак з ранейшых артыкулаў ГВЛ вядома, што ініцыятыва гэтых падзей належала Міндоўгу, такім чынам, верагодна, ужо ў рэдакцыі A адлюстравалася спроба летапісца вывесці Войшалка на пярэдні план.

У літаратуры і мастацтве

Лаўрышаўскае евангелле. Вокладка XVI—XVII ст. Бібліятэка Чартарыйскіх, Кракаў, Польшча.
  • 7 мініяцюр з выявамі Войшалка ў Астэрманаўскім І-ым томе Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст.
  • У кан. ХIII — пач. XIV ст. (да 1329 г.) для Лаўрышаўскага манастыра было перапісана Лаўрышаўскае евангелле — выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі; у цэнтры акладу, які выраблены ў XVI — XVII ст. — срэбная пласціна з выявай воіна з кап'ём і шчытом. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» В. Ю. Ластоўскі адзначыў, што згодна традыцыі, на акладзе Лаўрышаўскага евангелля — выява Войшалка (іншыя даследчыкі лічаць, што на выяве — св. Дзмітрый Салунскі).
  • Паштоўка «Войшалк», Коўна, 1935, у серыі «Князі Літвы» (літ.) .
  • Карціна «Войшалк», мастак А. Д. Крывенка, 2000 г.
  • Тэракотавы медальён «Вялікі князь Літоўскі Войшалк», мастак М. Л. Несцярэўскі, 2002.
  • Пьеса Г. І. Яфрэмава(руск.) бел. «Сумненне аб Войшалку», 2013 (руск.) .

Ушанаванне

  • Вуліца Войшалка (літ.: Vaišelgos gatve) — у сянюніі (старостве) Веркю г. Вільнюса.

Заўвагі

  1. ↑ Скепсіс наконт верагоднасці ўнікальных звестак Тацішчава выказвалі і раней, як то М. С. Грушэўскі, А. Я. Прэснякоў, С. Л. Пешціч, Я. С. Лур'е і інш., але былі і прыхільнікі верагоднасці, асабліва сярод іх вылучаецца Б. А. Рыбакоў, таксама сярод іх А. А. Шахматаў, М. М. Ціхаміраў. Сярод сучасных прыхільнікаў верагоднасць вылучаецца бадай А. В. Маёраў.

Зноскі

  1. ↑ ПСРЛ. — Т. 32. — С. 26, 209.
  2. ↑ Narbutt, Т. Dsieje staroźytne narodu Litewskiego. — T. 4. — Wilno, 1838. — S. 181.
  3. ↑ Татищев, В. Н. История Российская. — Т. V. — Ленинград, 1965. — С. 45.
  4. ↑ Толочко А. «История Российская»…
  5. ↑ Горовенко А. В. Меч Романа Галицкого… С. 261—332.
  6. ↑ Sinkevičiūtė D. Lietuvių dvikamienių vardų su pirmuoju dėmeniu vaiš- raidos bruožai /D. Sinkevičiūtė // Baltistica. T. 43. Nr. 2. — 2008. — P. 263—274. ISSN 0132-6503.
  7. ↑ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Т.4. — Wilno: Nakładem i drukiem A. Marcinowskiego, 1838. — S. 181.
  8. ↑ Лещинский, А. И. Что в имени тебе моем?… С. 74—75.
  9. ↑ Narbutt, Т. Dsieje staroźytne narodu Litewskiego. — T. 3. — Wilno, 1838. — S. 609.
  10. ↑ Зараз пасёлак гарадскога тыпу Валынскай вобласці, Украіна.
  11. ↑ Зараз г. Хелм, Люблінскае ваяводства, Польшча.
  12. ↑ Зараз у Івана-Франкоўскай вобласці, Украіна.
  13. ↑ ПСРЛ. — Т. 2. Ипатьевская летопись. — СПб., 1908. — Стлб. 859.
  14. Пераклад паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net. 2008. 27 чэрвеня.
  15. ↑ Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць.
  16. ↑ Охотникова В. И. Повесть о Довмонте. — Л., 1985. — С. 109—116.
  17. ↑ Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі / В. Ластоўскі. — Коўна, 1926.

Літаратура

  • Chomik, P. Początki monasteru ławryszewskiego koło Nowogródka // Średniowiecze Polskie i Powszechne. — Т. 4 (8). — 2012. — S. 42—57. ISSN 0208‑6336, ISSN 2080‑492X.
  • Dąbrowski, D. Powieść o Wojsiełku. Szkic historiograficzny // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos šaltiniai. Faktas. Kontekstas. Interpretacija. — Vilnius, 2007. — S. 31—66.
  • Goldfrank, D. Lithuanian Prince-monk Vojselk: a study of competing legends // Harvard Ukrainian Studies. — 1988. — Vol. 11/3—4. — Р. 44—76.
  • Gudmantas, K., Ryčkov A. Demetrijaus Zankiewicziaus. Notifikacija apie Laurušavo vienuolyną, išrašyta iš senos rusiškos rankraštinės kronikos (Šaltinio tyrimas ir publikacija) // Senoji Lietuvos literatūra. — 34 knyga. — 2012. — P. 153—184. ISSN 1822-3656.
  • Smorąg-Różycka, M. Ewangeliarz Ławryszewski. — Kraków, 1999. — S. 70—81.
  • Smorąg-Różycka, M. Miniatury «Ewangeliarza Ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia Historiae Artium. — 1992. — T. 28. — S. 26—27, 38.
  • Smorąg-Różycka, M. Romans chrześcijański Barlaam i Jozafat w kulturze średniowiecznej Europy. Uwagi o dwóch miniaturach w Ewangeliarzu Ławryszewskim // Slavia Orientalis. — 1993. — Nr. 1. — S. 9—27.
  • Вілкул, Т. Л. Галицько-Волинський літопис про постриження литовського князя Войшелка // Український історичний журнал. — 2007. — № 4. — С. 26—37.
  • Вилкул, Т. Л. О некоторых источниках литовских известий Галицко-Волынской летописи // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos šaltiniai. Faktas. Kontekstas. Interpretacija / sud. A. Dubonis. — Vilnius, 2006.
  • Вілкул, Т. Л. Постриження князя Войшелка: Політика князя Данила і стратегії літописців // Матеріали і дослідження з археології Прикарпаття і Волині. Вип. 13. — Львів, 2009.
  • Горовенко, А. В. Меч Романа Галицкого. Князь Роман Мстиславич в истории, эпосе и легендах. — Санкт-Петербург: «Дмитрий Буланин», 2011.
  • Кибинь, А. С. Литовский князь и индийский царевич: в поисках сходства (история о Войшелке) // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2011. — № 2. — С. 11—28.
  • Лещинский, А. И. Что в имени тебе моём? (Значение и смысл монашеских имён епископата Русской православной церкви) // Вестник Челябинского университета. Сер. 1, История, Т. 2.. — 2002. — С. 74—80.
  • Литвина, А. Ф., Успенский, Ф. Б. Агиография и выбор имени в Древней Руси // Славяноведение. Вып. 4. — 2005. — С. 25—42.
  • Огицкий, Д. П. Великий князь Войшелк (страница из истории Православия в Литве) // Богословские труды. Т. 24. — Москва, 1983. — С. 171—196.
  • Семянчук, А. Лаўрышаўскае Евангелле // Silva rerum nova: Штудыі ў гонар 70-годдзя гісторыка Георгія Я. Галенчанкі. — Вільня, Менск, 2009. — С. 236—246.
  • Толочко, А. «История Российская» Василия Татищева: источники и известия. — Москва: Новое литературное обозрение; Киев: Критика, 2005. — 544 с. — Серия: Historia Rossica. — ISВN 5-86793-346-6, ISВN 966-7679-62-4
  • Толочко, П. П. Литовский князь Войшелк в русских летописях // Ruthenica. — Київ: Інститут історії України НАН України, 2006. — № 5. — С. 117—127.

Спасылкі

  • На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Войшалк
Папярэднік

Транята

вялікі князь літоўскі
1264–1267
Наступнік

Шварн Данілавіч


Войшалк Інфармацыю Аб

Войшалк


  • user icon

    Войшалк beatiful post thanks!

    29.10.2014


Войшалк
Войшалк
Войшалк Вы праглядаеце суб'ект
Войшалк што, Войшалк хто, Войшалк апісанне

There are excerpts from wikipedia on this article and video

Выпадковыя Артыкула

Мачавіна

Мачавіна

Мачавіна (карбамід) — хімічнае злучэнне, дыямід вугальнай кіслаты. Белыя крышталі, растваральныя ў п...
Эдыт Эванс

Эдыт Эванс

8 лютага 18881888-02-081233 Месца нараджэння: Лондан, Англія, Злучанае каралеўства Вялікабрытані...
Івана-Франкоўская вобласць

Івана-Франкоўская вобласць

Горад Івана-Франкоўск Афіцыйная мова украінская Насельніцтва (2006) 1 388 млн...
Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП) — арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існ...