Акадская культура


У культуры і мастацтве акадскага перыяду (XXIV—XXII ст. да н.э.) галоўным матывам была ідэя героя. Гэта або абагаўлёны цар нязнатнага паходжання, які здолеў дамагчыся ўлады, сабраць і павесці за сабой велізарную армію, аб'яднаць землі Міжрэчча і адправіцца паходам у далёкія землі (Сарган Старажытны і Нарам-Суэн). Або гэта быў чалавек з нізаў грамадства, які дзякуючы сваёй сіле і здольнасцям праславіўся ў ваенных паходах і быў абвешчаны царом. Такім чынам, у мастацтве акадцы надавалі большае значэнне асобе чалавека, чым шумеры ў папярэдні перыяд[1].

Змест

  • 1 Мастацтва
    • 1.1 Архітэктура
    • 1.2 Скульптура
    • 1.3 Гліптыка
    • 1.4 Рэльефы
  • 2 Мова і пісьменнасць
  • 3 Літаратура
  • 4 Рэлігія
  • 5 Зноскі
  • 6 Літаратура
  • 7 Спасылкі

Мастацтва

Нешматлікія помнікі перыяду аб'яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада сведчаць пра узмацненне культу уладара. Акадскае мастацтва праіснавала каля двухсот гадоў на аснове агульнага эканамічнага і грамадска-палітычнага ўздыму краіны. У мастацтве Двурэчча ў перыяд Акада пераважала асноўная стылістычная тэндэнцыя акадскай культуры[2] — пры захаванні ўмоўных шумерскіх прыёмаў у заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб'ёмнасці фігур, увасаблення прыроды[3].

Дасканаласці дасягнула тэхніка мастацкай апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка[3].

Неўзабаве пасля смерці Нарам-Сіна, з-за хуткай бюракратызацыі новай верхавіны грамадства, у Акадзе пачаўся яго эканамічны крызіс. Каля 2200 г. да н.э. у краіну ўварвалася горнае племя гутыяў, якое апустошыла і падпарадкавала землі Двурэчча. Аднак традыцыі акадскага мастацтва заставаліся моцнымі яшчэ доўга, на поўдні Двурэчча аж да сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н.э., да заваявання яго таксама горцамі — касітамі[2].

Архітэктура

Архітэктура акадскага перыяду развівалася ў агульным рэчышчы месапатамскай архітэктуры, захоўваючы яе традыцыйныя прыёмы, такія як гарызантальнае чляненне сцен шляхам чаргавання выступаў (пілястраў) і ніш, узвядзенне храмаў на штучных узвышэннях і да т.п[4]. У архітэктуры перыяду Акада шырока ўжывалі корабавыя скляпенні з абпаленай цэглы, перакрываючы імі вузкія, калідорападобныя памяшканні ў некаторых храмах. Аркамі, таксама з абпаленай цэглы, апраўлялі многія дзвярныя праёмы[2].

Цары Акада вялі актыўную будаўнічую дзейнасць. Яны перабудоўвалі храмы і свяцілішчы, узводзілі палацы і крэпасці. Аднак да нашых дзён захавалася вельмі мала слядоў акадскіх пабудоў. Гэта выклікана, па-першае, анархіяй пасля падзення Акада, падчас якой многія пабудовы былі разбураны, а па-другое, палітыкай цароў 3-й дынастыі Ура, якія, аднаўляючы пасля разбурэнняў старажытныя храмы і зікураты, наўмысна знішчалі сведчанні прац часоў Акада[5]. У 1899—1900 гадах Г. Ф. Гілпрэхт выявіў у Ніпуры падмурак зікурата, закладзенага Сарганам Акадскім, размешчаны пад зікуратам эпохі 3-й дынастыі Ура.

Раскапаны Малаўэнам палац Нарам-Суэна, ніжняя паўднёвая частка

Найбольш добра захаваны ўзор акадскай архітэктуры выяўлены ў Тэль-Браку Максам Малаўэнам. Будынак, ад якога захаваўся толькі падмурак, быў названы палацам, аднак, хутчэй за ўсё, гэта быў фарпост для аховы гандлю Акада з жыхарамі Малой Азіі. «Палац», датаваны часамі кіравання Нарам-Сіна, быў квадратным у плане, з бакамі даўжынёй каля 100 м. Знешнія сцены вельмі тоўстымі. Унутры былі размешчаны шматлікія каморы і ўнутраныя дворыкі. Фарпост быў разрабаваны і разбураны пажарам з падзеннем Акада[4].

У старажытным горадзе Эшнуна выяўлены падмуркі шматлікіх прыватных дамоў і загараджальнай сцяны акадскага перыяду[4], а таксама вялікі жылы будынак, названы Паўночным Палацам. Будынак складаўся з трох вялікіх частак. Паўднёвая частка ўяўляла сабой унутраны дворык, акружаны маленькімі пакойчыкамі. Знойдзеныя ў ім люстэрка, упрыгожванні і туалетныя аксэсуары гавораць пра знаходжанне ў ім жанчын. У цэнтральнай частцы будынка была анфілада жылых і парадных пакояў. Паўночная частка складалася са службовых памяшканняў і сістэмы дворыкаў, якія вялі да галоўнага ўвахода. Ва ўсходняй частцы будынка мелася некалькі маленькіх туалетных пакояў са збудаваннямі з абпаленай цэглы, што маюць вадасцёк, які выходзіць за межы збудавання. Ва Уры Леанардам Вулі даследавана каля 400 акадскіх пахаванняў[6].

Скульптура

Статуя Гудэа

Да нашых дзён ацалела вельмі мала ўзораў акадскай скульптуры. Для гэтага перыяду характэрнымі з'яўляюцца статуі(англ.) бел. правіцеля Гудэа[3], якія можна падзяліць два тыпы: адны — з традыцыйна некалькі скарочанымі прапорцыямі (хоць гэтак жа старанна апрацаваныя, нягледзячы на цяжкі для апрацоўкі матэрыял — дыярыт, і ўпершыню ў гісторыі Двурэчча — сапраўды манументальныя, да двух метраў), а іншыя — цалкам выкананыя ў акадскіх традыцыях[7]. Характэрнымі стылістычнымі асаблівасцямі круглай пластыкі і рэльефаў перыяду Акада былі таксама складнасць прапорцый, натуральнасць перададзеных рухаў, мяккая лепка ўсіх формаў, маляўнічасць агульных сілуэтаў і дэкаратыўна прапрацаваных дэталяў[2].

Бронзавая галава цара Акада, верагодна, Саргана. каля 2300 г. да н.э. Іракскі музей, Багдад

Самыя вядомыя помнікі акадскай скульптуры  — гэта бронзавая галава акадскага кіраўніка, статуя і чорны абеліск Маніштушу. Галава акадскага цара знойдзена Максам Малаўэнам у Ніневіі, у развалінах храма Іштар. Малаўэн вызначыў статую як выяву Саргана Акадскага, зробленую па загадзе яго сына Маніштушу, які лічыцца заснавальнікам храма. У цэлым, акадскім скульптарам удалося дасягнуць большага рэалізму, чым іх шумерскім папярэднікам. Сарган адлюстраваны з прычоскай «шлем-парык», вусамі і падзеленай барадой. На месцы вачэй былі каштоўныя камяні, пры выманні аднаго з іх статуя была пашкоджана. У наш час знаходка захоўваецца ў Іракскім нацыянальным музеі[8].

Пераможная стэла аднаго з Акадскіх цароў. Луўр

Абеліск Маніштушу быў знойдзены падчас раскопак у Сузах. Што ж тычыцца статуі гэтага цара, то яе верхняя частка моцна пашкоджана; Маніштушу адлюстраваны стоячы ў доўгім адзенні.

Гліптыка

Гліптыка Старажытнай Месапатаміі традыцыйна амаль заўсёды была прадстаўлена цыліндрычнымі пячаткамі. Яны вырабляліся з каляровых напаўкаштоўных камянёў, а іх адбіткі перадавалі розныя міфалагічныя сцэны. У адрозненне ад помнікаў архітэктуры і скульптуры, пячатак акадскага перыяду захавалася даволі шмат. Іх знаходзілі ў пахаваннях і жылых дамах. Акадскія разьбяры пячатак унеслі некалькі навінак у іх выраб. У адрозненне ад шумерскіх мастакоў, якія аб'ядноўвалі ўсе фігуры ў адной вялікай сцэне, акадцы складалі кампазіцыі з асобных карцін, падзеленых клінапісным тэкстам. Самі выявы сталі буйнейшымі, а прамежкі паміж імі большымі. Таму, а таксама з-за глыбейшай разьбы, адбітак атрымліваўся больш рэльефным. У якасці сюжэту выбіраліся разнастайныя рэлігійныя і міфалагічныя сцэны: напрыклад, птушка Зу, якая крадзе «таблічкі лёсу»; Этана, што ляціць на арле; і іншыя[9]. На пячатках часта выразалася імя ўладальніка і яго бацькі, пасада ці прафесія ўладальніка[10].

Рэльефы

Стэла ў гонар перамогі Нарам-Сіна над лулубеямі з Сузаў. Каля 2300 г. да н.э., Луўр

Значных поспехаў акадскія майстры дасягнулі ў вырабе рэльефаў. Самыя характэрныя помнікі — каменныя стэлы цароў Рымуша і Нарам-Суэна. Стэлу Нарам-Суэна — выявілі ў Сузах, сталіцы Элама, куды яе вывез эламскі цар Шутрук-Нахунтэ з Сіпара ў якасці трафея. Яна была ўзведзена па загадзе цара Нарам-Суэна ў гонар яго перамогі над горным племем лулубеяў. У кампазіцыі вылучаецца фігура цара, які стаіць над войскамі і топча ворагаў. Цар акружаны сімваламі божастваў, галава яго ўвянчана галаўным уборам з рогамі, якія сведчаць, паводле меркавання акадцаў, пра яго ўласнае боскае паходжанне[8]. Стэла Рымуша захавалася фрагментарна. Яна таксама апавядае пра ваенныя перамогі цара. Сам Рымуш адлюстраваны ў махрыстым адзенні з нацягнутым лукам, верагодна, што ён прымае ўдзел у забіцці палонных.

Мова і пісьменнасць

Асноўныя артыкулы: Акадская мова, Шумерская мова, Клінапіс

Шаблон:Падвоеная выява

Акадская дзяржава была двухмоўнай: і шумерская, і акадская мовы мелі важнае значэнне. Шумерская мова гэтага часу знаходзілася на так званым пераходным этапе свайго развіцця. Яна мела найважнейшае значэнне як мова набажэнстваў, літаратуры і храмавага ўліку. Разам з тым, своеасаблівае палітычнае становішча і складанасць гэтай мовы абумоўлівалі ўсё глыбейшае пранікненне акадскай мовы ў культуру і побыт насельніцтва Ніжняй Месапатаміі. Апошняя была распаўсюджана ў форме стараакадскага дыялекту і ўжывалася, галоўным чынам, у канцылярыі.

Акадскі клінапіс

Абедзве мовы выкарыстоўвалі клінапісную славесна-складовую сістэму знакаў (клінапіс). Самым распаўсюджаным матэрыялам для пісьма была гліна, з якой рабіліся таблічкі, на якіх спецыяльным стылам пісцы выціскалі знакі. Да перыяду існавання Акадскай дзяржавы адносіцца пераход ад круглых таблічак да строга прамавугольных, з добра прачэрчанымі лініямі для пісьма[11]. Затым таблічку падсушвалі, і дакумент быў гатовы. У акадскую эпоху пісалі зверху ўніз, знакі былі яшчэ досыць архаічнымі, якія імітавалі шумерскія почыркі. Радкі падзяляліся вертыкальнымі лініямі. Калі надпіс быў вялікі, то ён быў падзелены на ярусы, якія, у сваю чаргу, аддзяляліся гарызантальнымі лініямі. Марфалагічная форма слова часта не выпісвалася цалкам, выкарыстоўваліся лагаграмы, дэтэрмінатывы і іншае.

Літаратура

Асноўнай мовай мастацкай літаратуры гэтага перыяду заставаўся шумерская[12]. Колькасць помнікаў на акадскай мове, якія датуюцца гэтым перыядам, нязначная. Даследчыкі называюць гэту мову стараакадскай[11]. Шэраг літаратурных твораў прыпісваецца Энхедуане, дачцэ Саргана Акадскага і вярхоўнай жрыцы Ура[13]. Яе творы называліся «гімнамі да багіні Інаны». Да нас дайшло звыш 100 таблічак з фрагментамі некалькіх гэтых гімнаў, але толькі ў спісах пазнейшага старававілонскага перыяду. Яны выкарыстоўваліся ў школах для перапісвання, што сведчыць пра іх папулярнасць.

Рэлігія

Асноўны артыкул: Шумера-акадская міфалогія

Даследаванні навукоўцаў дазволілі выявіць, што продкі акадцаў — усходнія семіты — ушаноўвалі розных божастваў, заступнікаў асобных абшчын, але пры гэтым семіты спрадвеку пазбягалі называць багоў уласнымі імёнамі. Кожнае племя ці абшчына называла свайго бога-заступніка «панам» — ба'ал ці бел, а багіню-заступніцу «багіняй» — аc̠тар ці іштар (хоць у паўднёвых семітаў гэта было імем мужчынскага бажаства).

Да моманту стварэння Акадскай дзяржавы семіцкія багі былі адаптаваны да шумерскай міфалогіі. Бел стаў вярхоўным богам, якім у той час з'яўляўся Энліль (пазней — Мардук); імя Іштар стала ўжывацца, у прынцыпе, у дачыненні да любой багіні.

Нароўні з атаясненнем, адбывалася таксама змянненне традыцыйных імёнаў шумерскіх багоў на семіцкі лад. Так, вярхоўны шумерскі бог Энліль па-акадску называўся Эліль; багіня Інана часцей за ўсё называлася Іштар, сонечны бог Уту — Шамаш, увасабленне месяца Нана (Зуэн) — Суэн (Сін), Энкі — Хайя (Эа), Ішкур — Адад і г.д.

На падставе таго, што пантэон, розныя выявы і сюжэты былі часта тоеснымі ў абедзвюх культурах, звычайна гавораць пра адзіную шумера-акадскую міфалогію[14].

Зноскі

  1. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том, 1983, с. 295-296
  2. ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 Период Аккада. (24—22 вв. до н. э.)
  3. ↑ 3,0 3,1 3,2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 511 с.: іл. ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8
  4. ↑ 4,0 4,1 4,2 Лойд, 1984, с. 156
  5. ↑ Лойд, 1984, с. 154
  6. ↑ Лойд, 1984, с. 155
  7. ↑ ПАМЯТНИКИ ПЕРИОДА ГУДЕА
  8. ↑ 8,0 8,1 Лойд, 1984, с. 157
  9. ↑ Лойд, 1984, с. 158-159
  10. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том, 1983, с. 296
  11. ↑ 11,0 11,1 Gadd C. J. The dynasty of Agade and the Gutian invasion // Cambridge Ancient History. 3rd Ed. — Vol. I, Part 2. — Cambrdige: Cambridge University Press, 1971. — P. 450
  12. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том, 1983, с. 300
  13. ↑ ENHEDUANA'S VISUAL EVIDENCE. Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2012. Праверана 15 красавіка 2011.
  14. Гісторыя Старажытнага Усходу. 1 том, 1983, с. 280-281

Літаратура

  • ред. Дьяконов И. М. История Древнего Востока. Зарождение классовых обществ и первые очаги рабовладельческой цивилизации — М.: Наука, 1983. — Т. 1. Месопотамия. — 534 с. — 25050 экз.
  • Ллойд С. Археология Месопотамии — М.: Наука, 1984. — 280 с. — 15000 экз.

Спасылкі

  • На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Акадская культура


Акадская культура інфармацыя аб

Акадская культура

Акадская культура
Акадская культура

Акадская культура аб відэа


Акадская культура Вы чытаеце гэтую тэму.
Акадская культура якія, Акадская культура хто, Акадская культура апісанне

There are excerpts from wikipedia on this article and video